Экскурсія ў адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Мінску

22.04.2024

Перш- наперш вучні 4-х класаў наведалі адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Мінску.

На трох паверхах Цэнтра прадстаўлена больш за 30 інтэрактыўных пляцовак. Перамяшчаючыся паміж лакацыямі, дзеці даведаліся, якія правілы бяспекі неабходна выконваць на вуліцы, запраўцы, чыгуначнай станцыі, у транспарце, у тым ліку метро, пры пераходзе дарогі, руху па слізкай лесвіцы і ў натоўпе.

Асобныя блокі пазнавальнай экскурсіі былі прысвечаны экалагічнай бяспецы, правілам паводзін на вадзе, у лесе, падчас розных здарэнняў прыроднага і тэхнагеннага характару.

Далей вучні рушылі на мемарыяльны комплекс “Курган Славы”-  мемарыял ў імя мужнасці і гераізму. Дзеці даведаліся, што Курган Славы - гэта насыпны пагорак у 70 метраў. Праз 20 гадоў, пасля вызвалення Беларусі, сюды везлі зямлю з усіх краін, якія ў поўнай меры адчулі на сабе гора і трагедыю ваенных гадоў. Так стваралі рукатворны ўзгорак. І цяпер у нетрах яго стогнучая смуткам зямля, прывезеная з 12 гарадоў-герояў і 1 крэпасці-героя. 

Наступны прыпынак – г. Жодзіна. Не магчыма было стрымаць слёзы, калі удзельнікі экскурсіі падышлі да помніка маці-патрыёткі Настассі Фамінічны Купрыянавай. Гэту жанчыну ў г. Жодзіна і Смалявіцкім раёне ведаюць амаль усе. Пяць сваіх  сыноў блаславіла яна на барацьбу з фашыстамі, і ніводны з іх не вярнуўся з вайны. Яна стала пры жыцці сімвалам самаахвярных маці. У г. Жодзіна ўзведзены манумент маці-патрыётцы. Гэты помнік не толькі Н.Ф.Купрыянавай, гэты помнік усім маці, што не дачакаліся сваіх дзяцей з вайны.

Паглядзець на легендарны аўтамабіль, які стаў адным з сімвалаў Беларусі, забраць дадому яго цацачную копію змаглі нашы вучні, якія адправіліся ў падарожжа на завод БелАЗ у Жодзіна. Жодзінскія кар'ерныя самазвалы — унікальная з'ява. Дзеці даведаліся, што першы БелАЗ сышоў з канвеера ў 1961-м, калі людзі скарылі космас. Цяпер штогод «нараджаецца» больш за 2000 машын, без малога  кожны трэці самазвал у свеце — белазаўскі. 

Праз колькі хвілін, надзеўшы яркія аранжавыя камізэлькі і каскі, дапытлівыя экскурсанты ўжо з захапленнем падымаліся  па лесвіцы на 450-тоннага гіганта, які магутнасцю можа паспрачацца з табуном з 4600 коней. Побач з кабінай пляцоўка, памерамі большая за 10-метровы пакой, якая знаходзіцца на вышыні амаль трохпавярховага дома. Не кожны нават адважваецца падысці да краю. Гігант паставіў два сусветныя рэкорды. Памерам самага вялікага ў свеце кузава — 645,4 м3 — і здольнасцю перавезці адразу 503,5 тоны грузу (гэта статак прыкладна са 100 дарослых сланоў). 

А далей, стаміўшыся, дзеці адправіліся дадому. У аўтобусе доўга не змаўкала гаворка. Хацелася падзяліцца ўражаннямі. Вялікі дзякуй усім за цудоўнае падарожжа!